Лукашэнка: «Славянскі базар» у Віцебску заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаў

Источник материала:  

Лукашэнка: «Славянскі базар» у Віцебску заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаўБеларускі народ ніколі не пасуе перад выклікамі часу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця ХХIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, «Славянскі базар» стаў сэрцам культурнага і духоўнага адзінства. І яно, падкрэсліў Прэзідэнт, павінна біцца ў імя галоўнай ідэі, закладзенай у аснову фестывалю, — «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».

«Асабліва сёння, калі ўсе краіны і народы знаходзяцца на мяжы глабальнага геапалітычнага крызісу, перадзелу свету, для нас жыццёва важна захаваць традыцыю, якая аб’ядноўвае людзей. Паколькі што б ні адбывалася ў свеце, міжнародны фестываль «Славянскі базар» заўсёды разбураў бар’еры і ўмацоўваў дружбу народаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фестывальнай сцэне з году ў год выступалі сотні артыстаў розных нацыянальнасцей, розных палітычных і рэлігійных поглядаў, з розных дзяржаў. Але, не зважаючы на міжнародныя канфлікты, міжнацыянальныя і ўнутрыпалітычныя крызісы, тут заўсёды панавалі мір, дружба і ўзаемаразуменне. «У чым сакрэт? Напэўна, і перш за ўсё — у культурным кодзе славян, у агульнай тысячагадовай гісторыі продкаў сучасных славянскіх народаў. У ёй мы не знойдзем фактаў варварскага разбурэння традыцый і знішчэння іншых цывілізацый. Ёсць толькі стварэнне і ўзаемаўзбагачэнне культур. Мы мірныя людзі, рабілі і будзем рабіць усё прыгожа і мірна. Таму штогод «Славянскі базар у Віцебску» прыцягвае да сябе ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў планеты», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што і сёння віцебскі амфітэатр сабраў самых яркіх артыстаў, самых добрых і чулых гледачоў. Такіх, якія прыходзяць і прыязджаюць на гэта свята па закліку сэрца. «Тых, каго аб’ядноўвае шчырая любоў да агульнанацыянальнай славянскай культуры», — дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў гасцям і ўдзельнікам фестывалю, каб гэтыя дні падарылі ім шмат яркіх эмоцый, а конкурсы адкрылі новыя імёны ў свеце мастацтва.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика