Перадавікам корманарыхтоўкі ўручаны грашовыя прэміі

галоўны эканаміст ААТ “Агратэхсэрвіс” Рэгіна Невярковіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская віншуюць механізатара Міхаіла Шука
Ужо не першы год падчас корманарыхтоўчых работ лідзіруючыя пазіцыі займаюць механізатары Міхаіл Шук з ААТ “Агратэхсэрвіс”, Віктар Цімафееў з ААТ “Жвіранка” і Вячаслаў Смірноў з ААТ “Даватарскі”. Вось і сёлета мужчыны дасягнулі значных вынікаў у сваёй рабоце. Міхаіл Шук працуе на корманарыхтоўчым агрэгаце КВК-800. Па стане на 13 ліпеня ён запісаў на свой рахунак 11752 тоны здробленай масы. Дарэчы, гэта самы высокі вынік у раёне. Крыху адстае ад Міхаіла Вячаслаў Смірноў. У яго 9268 тон здробленай масы. Віктар Цімафееў трэці год задзейнічаны на нарыхтоўцы кармоў у стрэйч-плёнку. Не здае сваіх лідзіруючых пазіцый гэты перадавы механізатар і сёлета. На 13 ліпеня ён зрулоніў 2205 тон сена і сенажу.
Павіншаваць з працоўнымі поспехамі механізатараў і ўручыць ім грашовыя прэміі на сенажаць прыехала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Альшэўская. Таццяна Мікалаеўна пажадала перадавікам і далей сваёй сумленнай працай прыносіць карысць гаспадаркам і раёну.
Сяргей РАЙЧОНАК.