«Гэта прыклад для іншых» — Лукашэнка пра работу «Атланта» ў перыяд пандэміі

Источник материала:  

«Гэта прыклад для іншых» — Лукашэнка пра работу «Атланта» ў перыяд пандэмііПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў вынікі работы ЗАТ «Атлант» у перыяд пандэміі. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Яскравы прыклад таго — «Атлант», што ў любой крызіснай сітуацыі ёсць і станоўчыя моманты і імі трэба скарыстацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як далажылі Прэзідэнту, у 2020 годзе прадпрыемства апынулася ў няпростай сітуацыі, звязанай з увядзеннем абмежаванняў на знешніх рынках з-за пандэміі. Тым не менш службы закупкі і лагістыкі змаглі ў гэтых няпростых умовах забяспечыць вытворчасць матэрыяламі і камплектуючымі, не дапушчана прастояў. Акрамя таго, зроблена стаўка на продажы праз інтэрнэт. «Паколькі мы не спыніліся ў гэты час, то ў такіх умовах сталі адзіным вытворцам, які вырабляў халадзільнікі і пральныя машыны на нашым рынку. Таму мы змаглі задаволіць узросшы попыт, устанавілі менавіта ў сакавіку 2020 года рэкорд па продажах. Мы прадалі 90 тыс. халадзільнікаў. За ўсе 60 гадоў гісторыі «Атланта» ў сакавіку 90 тыс. не прадавалі», — сказаў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Сакалоўскі.

Пасля сакавіка «Атлант» таксама актыўна рэалізуе тэхніку. Усе прынятыя меры далі магчымасць па выніках шасці месяцаў 2020 года выйсці на рэнтабельнасць продажаў 2,4 працэнта, прадпрыемства адчувае сябе ўпэўнена і разлічвае завяршыць год з дадатнымі паказчыкамі.

«За гэта — малайцы! Зрабілі тое, што павінны былі зрабіць усе. І гэта прыклад для іншых. Я ж гаварыў, што калі адкрыюцца, паглядзяць, а ўжо нічога няма. А мы ў гэты час можам прапанаваць свой тавар. Вось яскравы прыклад: мы ў гэты момант прапанавалі свой тавар, людзі купілі. Калі кіраўнікі разгарнуліся своечасова», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць асваення новых відаў прадукцыі з акцэнтам на імпартазамяшчэнні. «Для нас вельмі важным, адным з асноўных напрамкаў на пяцігодку будзе імпартазамяшчэнне, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — З нашага боку мы можам гарантаваць (падумаем, як гэта зрабіць) абарону спажывецкага рынку ўнутры».

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час было прынята правільнае рашэнне аб арганізацыі вытворчасці айчынных кампрэсараў. «Гэтак жа трэба па імпартазамяшчэнні рухацца ўсім прадпрыемствам. Але «Атланту», МАЗу, БЕЛАЗу, МТЗ — гэта флагманы — яны абавязкова па два новыя тыпы прадукцыі павінны вырабляць», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнта праінфармавалі аб напрацоўках «Атланта» па арганізацыі вытворчасці пасудамыечных машын.

Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і байцамі студатрадаў, Прэзідэнт пазітыўна ацаніў іх работу і яшчэ раз падкрэсліў правільнасць выбранага ў Беларусі шляху барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. «Калі ўвесь свет у паніцы закрыў вытворчасць, мы працавалі. І аказалася, што ў гэтыя месяцы на прылаўках магазінаў была ў асноўным прадукцыя Беларусі, у гэтым выпадку халадзільнікі і пральныя машыны. Вось у чым мы мелі рацыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, да вопыту Беларусі ўжо выказваюць цікавасць замежныя партнёры.

«Галоўнае заключаецца ў тым, што мы выстаялі, не закрылі вытворчасці, і сёння можам прадаваць сваю прадукцыю, мы займаем свабодныя рынкі. Галоўнае — іх потым утрымаць і нікому не аддаваць, а ад гэтага — развіццё вытворчасці і ваша заработная плата. Вы ў гэтым плане малайцы. Вы яркае пацвярджэнне правільнасці таго курсу, які мы ў свой час выбралі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика