Да вырашэння праблемы канкрэтнага чалавека трэба падыходзіць сістэмна — Чупрыс
За праблемай канкрэтнага чалавека трэба бачыць сітуацыю ў цэлым. Аб гэтым заявіла сёння намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс у час асабістага прыёму ў Пінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Гэта вельмі важна — вырашыць праблему кожнага чалавека. Але калі мы бачым звароты і аналізуем іх у сукупнасці, то павінны рабіць высновы аб тым, якія ёсць недапрацоўкі ў сістэме ў цэлым, якія ёсць рэсурсы для таго, каб палепшыць сітуацыю. Наша работа, у тым ліку Адміністрацыі Прэзідэнта і ўсёй сістэмы дзяржаўных органаў, павінна быць нацэлена на перспектыўнае развіццё. Недастаткова прааналізаваць толькі канкрэтны зварот. Трэба прааналізаваць у цэлым усё, што адбываецца ў тым ці іншым напрамку, зрабіць адпаведныя высновы і, зыходзячы з гэтага, выбудаваць далейшую работу», — сказала Вольга Чупрыс.
Папярэдне на прыём запісаліся 10 чалавек. Большасць пытанняў датычылася юрыдычнай тэматыкі — адносін у галіне права, дзейнасці праваахоўных органаў, судовай сістэмы. Гэта не стала нечаканасцю для Вольгі Чупрыс. За апошні час колькасць зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта з пінскага рэгіёна ў цэлым знізілася. Разам з тым павялічылася колькасць зваротаў па праваахоўнай сферы, рабоце судовых органаў, выкананні вынесеных судовых рашэнняў. «Інакш кажучы напрошваецца выснова: калі ёсць такі зрэз, павялічваецца колькасць зваротаў па гэтых напрамках, адпаведна, трэба на гэта рэагаваць. Вядома, мы не пакінем без увагі гэтыя пытанні», — адзначыла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Яна звярнула ўвагу на тое, што ў цэлым мяняецца характар пытанняў, з якімі людзі прыходзяць на асабістыя прыёмы. Напрыклад, раней па большай частцы размова ішла аб праблемах у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Цяпер колькасць такіх зваротаў значна зменшылася. «Гэта сведчыць аб тым, што сістэма пачала працаваць у гэтым напрамку. Гэта значыць, скаргі грамадзян далі штуршок да таго, каб былі паляпшэнні ў гэтай сферы. Мне здаецца, людзі пачынаюць давяраць таму, што мы робім. Таму што яны ўбачылі: адзін раз вырашылі, другі, трэці, потым сістэмна папрацавалі, палепшылі напрамак», — падкрэсліла Вольга Чупрыс.
У час сваёй паездкі ў рэгіён яна таксама наведала Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе азнаёмілася з праектамі, над якімі працуе інжынірынгавы цэнтр ВНУ, сустрэлася з прафесарска-выкладчыцкім складам.