Мікалай Зубовіч 20 гадоў адпрацаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх Шаркаўшчынскага РАУС

Источник материала:  

Мікалай Зубовіч 20 гадоў адпрацаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх Шаркаўшчынскага РАУССёння спаўняецца 85 гадоў з дня заснавання інспекцыі па справах непаўналетніх. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны, калі пачалася будаўніцтва маладой савецкай дзяржавы, у краіне была распаўсюджана дзіцячая беспрытульнасць, павялічылася колькасць злачынстваў, якія здзяйснялі непаўналетнія. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць стварэння спецыялізаваных падраздзяленняў міліцыі. А ў 1935 годзе іх дзейнасць была замацавана заканадаўчым актам. 19 чэрвеня СНК БССР і ЦК КП(б)Б прынялі пастанову “Аб ліквідацыі дзіцячай беспрытульнасці і безнагляднасці”. З гэтага дня афіцыйна пачынаецца дзейнасць падраздзяленняў па справах непаўналетніх беларускай міліцыі.

Герой нашага артыкула — Мікалай Яўгенавіч Зубовіч — выйшаў у адстаўку ў званні маёра са службы ў органах правапарадку роўна 5 гадоў таму. Ён адпрацаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх Шаркаўшчынскага РАУС 20 гадоў і запомніўся адказным стаўленнем да сваёй справы, высокім прафесіяналізмам. Сваёй першачарговай задачай ён заўсёды лічыў аказанне падтрымкі і дапамогі падлеткам, абарону іх правоў.

Мікалай нарадзіўся ў 1968 годзе ў Шаркаўшчыне ў звычайнай працоўнай сям’і Яўгена Іванавіча і Аліны Уладзіміраўны Зубовічаў. Скончыўшы ў 1985 годзе СШ № 1, вырашыў абраць для сябе прафесію педагога і паступіў у Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава на матэматычны факультэт. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, вярнуўся на малую радзіму, працаваў у школах раёна настаўнікам фізікі і матэматыкі. А ў 1995 годзе яму прапанавалі перайсці ў Шаркаўшчынскі РАУС. Пасля доўгіх развагаў Мікалай усё ж наважыўся на гэты крок і рашыў паспрабаваць сябе ў новай прафесіі. І трэба сказаць, што атрыманая педагагічная адукацыя вельмі дапамагла яму падчас службы ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Бо па сутнасці і тут яму давялося займацца выхаваннем, але ўжо складаных падлеткаў. Іншымі словамі, яму даводзілася выпраўляць тыя памылкі, якія дапусцілі ў выхаванні дзяцей бацькі і школа.

— За 20 гадоў сваёй дзейнасці я зразумеў простую ісціну, — кажа Мікалай Зубовіч. — Злачынцамі не нараджаюцца, імі становяцца. І вельмі многае залежыць ад таго, у якой сям’і выхоўваецца дзіця. Вядома, што найчасцей мне даводзілася працаваць з праблемнымі сем’ямі, у якіх бацькі злоўжывалі алкаголем, вялі асацыяльны лад жыцця. Але здараліся выпадкі, калі юныя парушальнікі правапарадку вырасталі ў прыстойных сем’ях. Проста бацькам за працаю не хапала часу займацца выхаваннем сваіх дзяцей. Я заўсёды працаваў з разуменнем вялізнай адказнасці за лёсы маладых людзей. Зрабіць памылку, нейкі супрацьзаконны ўчынак можа кожны з нас, асабліва ж падлетак, які толькі пачынае свой жыццёвы шлях. І вельмі важна, каб ён усвядоміў неправільнасць сваіх дзеянняў і больш не паўтараў іх. У большасці выпадкаў нам удавалася выратаваць маладых людзей. Часам сустракаюся са сваімі былымі падапечнымі, якія ўжо выраслі, вядуць дастойнае жыццё. Яны вітаюцца са мною, і мне прыемна бачыць, што ў іх усё добра. Вось нядаўна ў “Аднакласніках” мне напісаў адзін з маіх былых выхаванцаў, падзякаваў мне за тое, што калісьці наставіў яго на пуць ісцінны.  У свой час хлопец быў хуліганісты, а цяпер працуе, у яго свая сям’я, а значыць, ён адшукаў сваё месца ў жыцці. Для мяне такія словы — самая лепшая ўзнагарода за маю работу.

Хаця былі ў кар’еры Мікалая Яўгенавіча і ўзнагароды іншага кшталту. Так, два разы ён прызнаваўся лепшым інспектарам Віцебскай вобласці па выніках работы за год. Два разы паспяхова ўдзельнічаў у прафесійных конкурсах на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і падзякамі.

Інспекцыя ў сваёй дзейнасці па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці заўжды цесна ўзаемадзейнічае з камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама. Мікалай Яўгенавіч з удзячнасцю прыгадвае Галіну Генадзеўну Седзюкевіч, якая на працягу многіх гадоў адпрацавала сакратаром такой камісіі і,калі ён толькі прыйшоў працаваць у інспекцыю, дзялілася з ім карысным вопытам, дапамагала рабіць першыя крокі ў прафесіі. Таксама плённа супрацоўнічаў з тымі, хто потым змяніў Галіну Генадзеўну на гэтай пасадзе: з Таццянай Траба, Валянцінай Лемяшэўскай, Марынай Фёдаравай.

Трэба сказаць, што Мікалай Яўгенавіч з’яўляецца шчаслівым сем’янінам. Старэйшы сын Аляксей ужо ажаніўся і працуе ў Глыбокім. Сярэдні сын Павел вучыцца ў 8 класе. А галоўная ўвага Мікалая і яго жонкі Таццяны накіравана на выхаванне малодшага Антона, які яшчэ ходзіць у дзіцячы садок.

Андрэй БУРЭЦ.

Comments are closed.

Яндекс.Метрика