«Пакуль у адрас галіны чуваць крытыка, заспакойвацца рана» — Лукашэнка арыентуе ЖКГ на эфектыўнае развіццё

Источник материала:  

«Пакуль у адрас галіны чуваць крытыка, заспакойвацца рана» — Лукашэнка арыентуе ЖКГ на эфектыўнае развіццё

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе сферу ЖКГ на далейшае эфектыўнае развіццё і ліквідацыю існуючых недахопаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў  ў Полацку на нарадзе па пытаннях развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт адзначыў, што тэма нарады прадыктавана жыццём, паколькі практычна ўсё насельніцтва краіны штодзень карыстаецца жыллёва-камунальнымі паслугамі. «І тое, наколькі людзі задаволены іх якасцю і даступнасцю, уплывае непасрэдна на настроі ў грамадстве. Такім чынам, у значнай ступені фарміруе сацыяльна-палітычную абстаноўку і ўзровень даверу да дзеючай улады», — заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў кастрычніку 2017 года на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях развіцця ЖКГ была разгледжана работа гэтай галіны. Вызначана, што камунальная сфера павінна стаць прыярытэтам нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў. У далейшым адпаведныя рашэнні былі замацаваны ў Дырэктыве нумар 7.

«Сёння, як мне дакладваюць, зроблена многае ў плане празрыстасці фарміравання тарыфаў, зніжэння сабекошту і забеспячэння акупнасці практычна ўсіх відаў паслуг, павышэння надзейнасці інжынерных сетак і абсталявання. Мы не павінны забываць, што асноўным крытэрыем эфектыўнасці работы сістэмы ЖКГ з’яўляецца ацэнка якасці аказваемых паслуг спажыўцом, звычайным чалавекам. І пакуль у адрас галіны чуваць крытыка, заспакойвацца рана», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што некалі, сустракаючыся з кіраўніком ініцыятыўнай групы, папрасіў, каб прадаўжалі збор подпісаў, хоць іх была ўжо дастатковая колькасць. «Я тады папрасіў не таму, што нам не хапае подпісаў. Мы атрымліваем вялізны масіў інфармацыі знізу — аб тым, што там адбываецца. Уся яна аналізуецца, і асноўныя пытанні, якія хвалююць людзей, выкрышталізоўваюцца — і на стол Прэзідэнту. Пастаянна да чвэрці ўсіх пытанняў — гэта паслугі ЖКГ і што трэба рабіць з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Месяц таму ў плане кантролю за выкананнем маіх даручэнняў была вызначана гэта нарада. Гэта рашэнне не ўчарашняга дня», — растлумачыў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў перадвыбарны перыяд любая заява, дзеянне, крокі Прэзідэнта цяпер разглядаюцца «альтэрнатыўшчыкамі» пад павелічальным шклом, усюды шукаюць падводныя камяні. «Ніякіх падводных камянёў. Проста нам трэба займацца гэтым пытаннем, вельмі важным, хвалюючым нашых людзей. Мы і ў далейшым будзем гэтымі пытаннямі займацца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Вяртаючыся да тэмы нарады, Прэзідэнт звярнуў увагу, што адносна якасці паслуг ЖКГ даволі часта чуваць крытыка. Пры гэтым, вядома, ёсць розныя людзі, у тым ліку і так званыя скаржнікі, але іх адзінкі. «Але і да іх трэба прыгледзецца, бо і яны часам праўду гавораць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Ёсць людзі, якія скардзяцца, якім і дапамагчы няма каму. І мы павінны ім дапамагчы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Адмахвацца ні ад каго не трэба. Там, дзе неабходна, трэба дапамагчы людзям».

Так, у 2019 годзе кожны пяты зварот грамадзян, што паступіў у Адміністрацыю Прэзідэнта, датычыўся нездавальнення работай камунальных службаў. У гэтым годзе тэндэнцыя захоўваецца. Часцей за ўсё скардзяцца на якасць капітальнага і бягучага рамонту, і тут Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што часам сапраўды работы праводзяцца вельмі дрэнна.

Акрамя таго, людзі скардзяцца на неналежнае ўтрыманне пад’ездаў, аднак, звярнуў увагу Прэзідэнт, часам у дрэнным стане пад’ездаў вінаваты самі жыльцы.

Чуваць крытыка і наконт недастатковага добраўпарадкавання двароў і населеных пунктаў, тут таксама важны ўдзел не толькі ўлад з прыцягненнем бюджэтных сродкаў, але і ініцыятыўны ўдзел саміх грамадзян.

Шмат нараканняў і на нядаўна створаную службу 115. Кіраўнік дзяржавы даручыў прадумаць, як удасканаліць яе работу, каб не было фармалізму.

«Праблемы галіны да канца не вырашаны. І сёння пасля дэталёвага абмеркавання мы павінны знайсці адказы на ўсе існуючыя пытанні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запатрабаваў далажыць, якія вузкія месцы ёсць у сістэме ЖКГ, хто і на якім этапе недапрацоўвае для забеспячэння яе эфектыўнага функцыянавання, ці ёсць цяпер неабходнасць удасканалення дзяржаўнага рэгулявання гэтай сферы. «Патрэбны аб’ектыўны аналіз сітуацыі і дакладныя дзелавыя прапановы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў на нарадзе намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў, асноўныя паказчыкі развіцця галіны выконваюцца. У прыватнасці, зніжаюцца затраты на аказанне ЖКП: у 2019 — на 6 працэнтаў (пры заданні не менш як 5 працэнтаў), сэканомлена Br77 млн.

З 2016 года аб’ёмы перакрыжаванага субсідзіравання скарочаны амаль на Br200 млн, што дало магчымасць скараціць нагрузку на бюджэт і рэальны сектар эканомікі

Рост тарыфаў на паслугі ЖКГ не перасягае $5. «Механізм празрысты і зразумелы для грамадзян», — сказаў віцэ-прэм’ер. Узровень пакрыцця насельніцтвам затрат па паслугах ЖКГ па выніках года прагназуецца на ўзроўні 83,2 працэнта.

У краіне вядуцца работы па паскоранай замене да 2021 года ліфтаў, якія адпрацавалі нарматыўныя тэрміны эксплуатацыі. «У бягучым годзе работа будзе завершана. У далейшым яна будзе праводзіцца ў планавым парадку», — адзначыў Уладзімір Кухараў.

Ён таксама далажыў аб прадаўжэнні планавага будаўніцтва станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза. У гэтым годзе будуць уведзены ў эксплуатацыю 275 такіх станцый, што забяспечыць выкананне задання на пяцігодку. «Доступ да якаснай пітной вады дадаткова атрымаюць больш за 200 тыс. чалавек, якія пражываюць пераважна ў сельскай мясцовасці», — праінфармаваў віцэ-прэм’ер

Comments are closed.

Яндекс.Метрика