Лукашэнка аб правядзенні выбарчай кампаніі: дэмакратыя дэмакратыяй, але беззаконня быць не павінна

Источник материала:  

Лукашэнка аб правядзенні выбарчай кампаніі: дэмакратыя дэмакратыяй, але беззаконня быць не павінна«Дэмакратыя дэмакратыяй, але беззаконня быць не павінна. І не будзе. Вы бачылі ў Злучаных Штатах, Заходняй Еўропе, як супердэмакратычныя дзяржавы (якія, дарэчы, нас павучалі дэмакратыі) абышліся з тымі, хто пратэстуе. Галоўная задача дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі — захаваць стабільнасць у краіне, забяспечыць законнасць і правапарадак. Тое, што ад вас патрабуюць Канстытуцыя і закон», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, для абмеркавання на нараду вынесены многія пытанні, але асноўная ўвага будзе ўдзелена правядзенню выбарчай кампаніі і выбараў Прэзідэнта Беларусі. «Усяго тры тыдні як стартавала гэта выбарчая кампанія, але ўжо сёння мы бачым, што далёка не ўсе кандыдаты ў кандыдаты маюць намер прайсці гэты шлях цывілізавана. Вакол парушэнні заканадаўства, больш таго, этычных норм, знявагі, выпады ў бок улады. Ёсць і такія, хто лічыць, што для дасягнення мэты ўсе сродкі добрыя, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Тое, што ў барацьбе за сімпатыі насельніцтва яны выкарыстоўваюць выключна папулісцкія лозунгі і нічым не падмацаваныя абяцанні, — гэта няхай разбіраюцца самі людзі. Яны прааналізуюць, зробяць адпаведныя высновы. Народ разбярэцца».

 

Прэзідэнт звярнуў увагу на недапушчальнасць ператварэння збору подпісаў у несанкцыянаваныя мітынгі і масавыя мерапрыемствы з парушэннем усіх магчымых і немагчымых законаў і норм маралі. «Дапусціць парушэння закона нельга: потым нам давядзецца за гэта вельмі дорага заплаціць. Вы ведаеце, як такая сітуацыя развівалася ва Украіне. Таму закон і яшчэ раз закон. Ён павінен быць бездакорна выкананы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыцягваць да адказнасці і за факты агрэсіўных дзеянняў у адносінах да прадстаўнікоў органаў правапарадку. Паводле яго слоў, пагрозы паступаюць не толькі людзям у пагонах. «Пагрозы сёння сыплюцца з усіх бакоў: у адрас дзяржаўных служачых, кіраўнікоў участковых камісій, якія праводзілі парламенцкія выбары, у адрас іх сем’яў. З усіх бакоў пагрозы. Гэта што такое? Я папрашу праваахоўныя органы, асабліва генеральнага пракурора, старшыню Следчага камітэта, міністра ўнутраных спраў, звярнуць на гэта сур’ёзную ўвагу. Калі ідуць пагрозы — гэта крымінальнае парушэнне, якое караецца законам», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

 

Ён адзначыў, што ўсе падзеі развіваюцца па загадзя прадуманым сцэнарыі, прычым іх удзельнікі — усяго толькі выканаўцы, у якіх ёсць гаспадары з грашыма. «Спачатку прадстаўнікі шэрага ініцыятыўных груп злоўжываюць правам на правядзенне пікетаў для разладжвання сітуацыі і дэстабілізацыі грамадска-палітычнай абстаноўкі, потым яны сфарміруюць каманды і групы баевікоў, якія, не выключана, захочуць арганізаваць пабоішча на плошчы. Да гэтага яны і заклікаюць людзей. Чаму тут здзіўляцца? Чаго так усе здзіўляюцца: як Лукашэнка адкажа? Адказ будзе адзін, вы цудоўна разумееце», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

 

На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта так званыя сучасныя перадвыбарныя тэхналогіі, якія часта не вызначаюцца сумленнасцю. «Мы гэта праходзілі ўжо. Мы не дапусцілі расколу тады ў грамадстве, не дапусцім і цяпер. І сёння маем намер прыняць адэкватныя меры, каб захаваць мір і стабільнасць у нашай дзяржаве, — падкрэсліў беларускі лідар. — Для гэтага трэба дакладна разумець, на што гатовы пайсці асобныя кандыдаты ў кандыдаты для дасягнення сваёй мэты. Якія рэсурсы яны задзейнічаюць для павышэння свайго рэйтынгу. Ці не створыць гэта дадатковыя пагрозы?»

 

Прэзідэнт пацікавіўся ва ўдзельнікаў нарады, як яны ацэньваюць абстаноўку, якая складваецца, і якія ў іх ёсць прапановы па ўмацаванні стабільнасці «з улікам верагоднасці абвастрэння сітуацыі на любым этапе выбарчага працэсу». «Нашым людзям не трэба залішне напружвацца і перажываць. Мы павінны забяспечыць кожнаму чалавеку магчымасць спакойна хадзіць па сваёй зямлі, а бацькам, як гэта заўсёды было ва ўсіх нашых гарадах, — спакойна не проста хадзіць па зямлі, а з маленькімі дзеткамі за руку ў любы час сутак, і ганарыцца сваёй краінай. Краіна павінна быць спакойнай, нягледзячы ні на якія вострыя сітуацыі. Гэта галоўнае, што адрознівае нас ад іншых. У гэтым сутнасць нашага астраўка бяспекі. І гэта мы павінны захаваць, чаго б нам гэта ні каштавала», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

Comments are closed.

Яндекс.Метрика