Апошнія тыдні мяне не пакідае вострае жаданне ў размове з чалавекам абняць яго. І справа не ў любоўных флюідах вясны, а ў адным шкодным вірусе. Ён чыніць шмат бяды нашаму фізічнаму здароўю, але яшчэ больш – псіхічнаму. Я не памятаю, калі ў сваім жыцці бачыла вакол сябе столькі страху ў вачах іншых. Таму так хочацца прытуліць суразмоўцу, супакоіць і сказаць: “Стоп, не бойся, усё будзе добра, прарвёмся”. Але, вядома, я памятаю пра дыстанцыю ў 1,5 метра , таму абдымаю ўсіх вас у думках і малітве.
Безумоўна, страхі людзей лёгка зразумець. На сваім прыкладзе скажу: мой Telegram-мэсанджар з самага ранку і да глыбокай ночы разрываецца ад паведамленняў з дзясяткаў інфармацыйных каналаў. Сапраўды, з розных куткоў свету, з тэлевізараў, з сеціва, са старонак газет, ад знаёмых і зусім не знаёмых людзей штодня зараз на нас лавінай зыходзіць столькі трывожнай інфармацыі, што большасці ўжо ніякая валяр’янка і гарбата з рамонкам, і нават тое, што на шмат градусаў мацней, не дапамагаюць.
Зараз адусюль толькі і чуваць: які цяжкі час настаў. Але ён учора, сёння і заўтра – нейтральны. Цяжкім з’яўляецца наша ўспрыманне і перажыванне часу. Вядома, у такой пандэмічнай сітуацыі адчуваць страх – натуральна, а вось жыць страхам не варта і бессэнсоўна. Бо гэта дзіўна, калі ты гаворыш са здаровым чалавекам, а ён ужо сабе паставіў самы песімістычны дыягназ на будучыню. Вядома, усё можа здарыцца. Але навошта жыць так, быццам ты ўжо сёння хворы?
Па-першае, мы істоты разумныя пад гордай назвай “homo sapiens” і павінны ўмець фільтраваць інфармацыю і адразу адсейваць лішнюю. Мая вам парада, асабліва як журналіста: ужывайце навіны, як лекі са стосам супрацьпаказанняў, у мінімальных дозах і не прымайце большасць з іх блізка да сэрца. Прачыталі ці паслухалі нешта, прааналізавалі, узялі з гэтага для сябе самае рацыянальнае і спакойна, у адэкваце жывіце далей.
Па-другое, унутры кожнага з нас столькі пазітыўных эмоцый і пачуццяў, дык чаму мы дазваляем страху панаваць над усімі астатнімі і ў цэлым над намі? Так, і мне зараз часам бывае страшна, нават не за сябе, а за блізкіх. Упэўнена, вы адчуваеце тое самае, асабліва за сваіх дзетак і бацькоў. Але я кажу сабе: “Навошта родным мой страх?” Гэта не тое пачуццё, якім варта дзяліцца з імі. Я хачу дарыць ім любоў, надзею і веру, што ўсё наладзіцца, бо мы разам і перажывём любыя выпрабаванні.
Такія вось няхітрыя думкі і парады, і той жа час вельмі дзейсныя. Бо дапамагаюць нам супакоіцца. Але лепш усё гэта замацоўваць учынкамі. Нішто так не падымае жыццёвы тонус, як магчымасць зрабіць штосьці добрае, нават самую маленькую прыемную дробязь, бліжняму. Хай я не медык, не вучоны, не Джэймс Бонд і не супергерой з коміксаў, не ў маіх сілах стварыць вакцыну ад віруса і выратаваць планету, але я магу несці цяпло таму, хто побач.
Гэта файны рэцэпт для любых складаных сітуацый: не хавацца ад праблем і закрывацца ад свету, а спытаць, што я магу даць іншым. А цяпер азірніцеся навокал і, насуперак усяму, усміхнецеся: бо зараз тысячы такіх, як мы, у Беларусі так і робяць. З усіх куткоў краіны ляцяць анлайн-пасланні і чэленджы дабрыні і падтрымкі, нястомна працуюць медыкі, валанцёры і людзі добрай волі, арганізуюцца дабрачынныя ініцыятывы і праекты. Так, гэта бяда прынесла і працягвае чыніць нам і тым, каго мы любім, шмат шкоды і болю, але ж яна і аб’ядноўвае нас. Я, як і вы, не ведаю, што гэта за карананапасць і калі яна адыйдзе. Мне, як і вам, складана сказаць, што будзе заўтра. І так, у мяне, як і ў кожнага з вас, можа быць станоўчы вынік тэста на каранавірус. Але гэта не павінна стаць прыгаворам, каб я страціла надзею і перастала змагацца. А пакуль у мяне ёсць сёння. І я не буду марнаваць яго на страх. А вы?..
Я разумею: мы не анёлы, не святыя і не маці тэрэзы. Ды і ўстаноўка “насуперак усяму, твары дабро, бро” і “не хвалюйся, будзь спакойны і шчаслівы” не заўжды ўнутры шчоўкае і спрацоўвае. Скажу болей. Часам у сукупнасці са страхам такая злосць накрывае, такі гнеў унутры закіпае, што першым жаданнем хочацца з абурэннем і, будзем шчырымі, ненарматыўнай лексікай нешта каментаваць у сеціве ці ў размове. Згодна, спадарства, напішаш ці выгаварышся, і, здаецца, унутры адпускае, прыходзіць палёгка, а некаторыя індывіды, кажуць, нават дасягаюць нірваны. Але ці насамрэч так? У рэшце рэшт, зараз кожнаму з нас менш за ўсё патрэбны ад іншага негатыў. Не абавязкова быць прафесарам медыцыны, каб разумець: добрае слова лечыць, а злоснае – толькі нервуе і калечыць. Таму, родненькія, давайце браць сябе ўжо ў рукі, не будзем хадзячымі панікавірусамі, што так і мусяць давесці сябе да ручкі ды заразіць іншых. Бо зараз важныя наша свядомасць, адказнасць, цярплівасць і разважлівасць. Глабальную праблему немагчыма вырашыць за дзень, тыдзень ці месяц. На ўсё патрэбны час: вывучыць вірус, знайсці вакцыну, адаптавацца да новых абставін, перафарматаваць на дадзены перыяд сваю дзейнасць і жыццё краіны ў цэлым. А наконт статыстыкі. Разумею, лічбы растуць, што непакоіць. Але ва ўсяго на гэтым свеце ёсць пік, на змену якога абавязкова прыходзіць спад.
А яшчэ паглядзіце на нашых урачоў. Ім зараз цяжэй за ўсіх нас разам узятых, але ж яны трымаюцца і суткамі змагаюцца на перадавой пандэміі. І я ўпэўнена: яны перамогуць. Так сталася, што апошнія месяцы я літаральна прапісалася ў паліклініцы. Таму маю права шчыра і ад усяго сэрца сказаць: у нас цудоўныя медыкі. На мінулым тыдні давялося ізноў да іх звярнуцца па дапамогу. І, ведаеце, на іх зараз такая нагрузка, столькі пацыентаў, усе на нервах, я бы ўжо дзесяць разоў сарвалася, а яны трымаюцца, лечаць, знаходзяць для кожнага добрае слова і даюць надзею. Гэта кранае да глыбіні душы, дзякуй і нізкі паклон за мужнасць, ахвярнасць і нязломнасць, за залатыя рукі і сэрцы! Так што, бяром прыклад з нашых медыкаў і не “кіснем”. А яшчэ абавязкова выконваем іх парады і рэкамендацыі ды не дадаём нашым паліклінікам і бальніцам працы.
І напрыканцы мне вельмі важна сказаць вам яшчэ адну рэч. Гэта слова ўжо гучала ў тэксце. Яно такое кароткае, але адно з самых важных зараз. ВЕРА. Любыя мае, усе мы розныя, таму і верым у рознае. Але галоўнае, каб не ў горшае, а ў лепшае. Колькі разоў, у самыя цёмныя хвіліны, калі была на “нулі”, толькі вера мяне выцягвала з адчаю. Вы, напэўна, таксама праходзілі праз такое. І ў гэтыя хвіліны, калі я набіраю тэкст, я ні на імгненне не спыняюся верыць у тое, што мы разам і з Божай дапамогай, без страху і панікі, з усім справімся, будзе няпроста і балюча, але мы адолеем складанасці, давядзецца падаць і страчваць дарагое, але мы падымемся і пойдзем далей. Так рабілі да нас, так сёння настаў час чыніць нам. Не губляйце веры і моцы духа, каб не згубіць сябе. Так, каранавірус небяспечны для нашых лёгкіх, але ён не можа знішчыць наш розум, наша сэрца і нашу душу.
Марына КАЗЛОВІЧ