ААТ «Ельня-Агра» займае першае месца ў раёне на сяўбе яравых культур

Источник материала:  
ААТ «Ельня-Агра» займае першае месца ў раёне на сяўбе яравых культур

Сеяльшчыкі Аляксей Малыш і Віталій Хрол

Красавіцкае сонечнае і пагоднае надвор’е спрыяе аграрыям пры правядзенні палявых работ. З кожным днём гаспадаркі нарошчваюць тэмпы на сяўбе яравых культур. Працаўнікі сяла стараюцца ў самыя аптымальныя тэрміны загарнуць насенне ў глебу. Такога ж прынцыпу прытрымліваюцца і ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Ельня-Агра”.
Напрыканцы мінулага тыдня амаль уся тэхніка гаспадаркі была сканцэнтравана ў адным месцы. На ўчастках палёў паміж вёскамі Іванава і Зорка у комплексе вяліся работы. На адным участку праводзілі культывацыю глебы, унясенне мінеральных удабрэнняў і сяўбу яравой пшаніцы. Побач ішла падрыхтоўка глебы і сяўба яравога рапсу. На суседнім полі праводзілася баранаванне азімай пшаніцы.
— Наяўнасць паліва, спраўнасць тэхнікі, сумленныя адносіны механізатараў і пагоднае надвор’е спрыяюць нашай рабоце, — упэўнена сказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Якімовіч, які знаходзіўся на полі. — Запланавана пасеяць 532 гектары яравых зерневых і зернебабовых культур. За дзень атрымліваецца загарнуць у глебу каля 50 га. Такімі тэмпамі мы мяркуем завяршыць дадзеныя работы за 15 дзён. Тэхніку сваю механізатары загадзя падрыхтавалі, таму і працуюць без прастою, без паломак. Як і ў мінулыя гады на дапамогу нам прыходзяць механізатары, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Гэта Леў Васілеўскі, Мар’ян Грыдзюшка, Мікалай Якімовіч і іншыя. На жаль, механізатараў не хапае, але ж пенсіянеры заўсёды аказваюць сваю пасільную дапамогу. Сёлета да нас ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва камандзіраваны Віталій Хрол. Ён працуе на агрэгаце КЗР-10 і задзейнічаны на сяўбе.
На полі мы заўважылі энерганасычаны трактар “Кіравец” К-701. працуе на ім механізатар Уладзімір Яблонскі.
— Майму “сталёваму каню” ўжо амаль сорак год, але тэхніка гэта не падводзіць, — сказаў Уладзімір. — Я вяду падрыхтоўку глебы пад сяўбу яравога рапсу ў счэпе з новым культыватарам КГП-6,2. За дзень культывацыю праводжу на плошчы прыкладна 25-30 га.
Тым часам пад запраўку насеннем яравой пшаніцы спыніліся сеяльшчыкі Аляксей Малыш і Віталій Хрол. Абодва працуюць на агрэгатах КЗР-10 у счэпе з трохметровымі сеялкамі “Лемкен”.
— Пачынаем свой працоўны дзень пры ўзыходзе сонца, — з усмешкай на тварах сказалі нам мужчыны. — Спраўная тэхніка, наяўнасць гаручазмазачных матэрыялаў дазваляюць нам працаваць без перабояў увесь светлавы дзень. Выпрацоўка ў кожнага з нас — каля 17-20 гектараў пасеяных плошчаў.
Тым часам да механізатараў пад’ехала аўтамашына — працаўнікам палёў прывезлі абед. Работнікі сталовай сельгаспрадпрыемства Фаіна Фаміна і Алёна Осіпава заўсёды клапоцяцца, каб харчаванне для аграрыяў было смачным, разнастайным, каларыйным і заўсёды свежым. Падсілкаваўшыся гарачымі і з густам прыгатаванымі стравамі, механізатары, завёўшы сваіх “сталёвых коней”, зноў рушылі на палеткі — пасяўная ў “Ельні-Агра” перайшла свой “экватар”.
Сяргей РАЙЧОНАК.

ААТ «Ельня-Агра» займае першае месца ў раёне на сяўбе яравых культур

Механізатар Уладзімір Яблонскі

Comments are closed.

Яндекс.Метрика