Пра тое, як праходзяць богаслужэнні ў храмах раёна ў перыяд распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, расказваюць свяшчэннаслужыцелі
У хрысціянскіх храмах і манастырах Беларусі ўведзены новыя санітарныя правілы для барацьбы з пагрозай распаўсюджвання каранавіруса, пакуль эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце не зменіцца ў лепшы бок. Пра тое, як праходзяць службы ў праваслаўных і каталіцкіх храмах, нам паведамілі дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі протаіерэй Пётр Бараноўскі і ксёндз-дэкан Шаркаўшчынскага дэканату Ян Пугачоў.
— Прычасце не адменена, але ў працэс гэтага таінства ўнесены дадатковыя прафілактычныя меры, — паведаміў нам айцец Пётр. — Для кожнага чалавека, які прычашчаецца, выкарыстоўваецца аднаразовы посуд. Па заканчэнні літургіі крыж прыкладаецца да галавы прыхаджан зверху. Пасля таінства Хрышчэння купель падлягае дэзінфекцыі. Акрамя гэтага ў храмах прымаюцца агульныя меры прафілактыкі: рэгулярнае мыццё і дэзінфекцыя рук, праветрыванне памяшканняў, дэзінфекцыя мэблі. Дарэчы, нядзельныя школы пры храмах цяпер не працуюць. Службы ў храмах праходзяць рэгулярна, хоць і з меншай колькасцю веруючых.
У чацвер, 2 красавіка, мітрапаліт Павел і шматлікія свяшчэннаслужыцелі Беларускай праваслаўнай царквы здзейснілі паветраны аблёт нашай рэспублікі на верталёце па перыметры дзяржаўнай мяжы з Крыжам прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Падчас чатырохгадзіннага аблёту вялася служба ў імя здароўя і жыцця жыхароў нашай краіны.
На сённяшні дзень усе богаслужэнні ў храмах, у тым ліку і Велікодныя, не адменены, дзверы ў цэрквах адкрыты для кожнага чалавека.
Меры прафілактыкі супраць каранавіруснай інфекцыі ўзмоцнены і ва ўсіх каталіцкіх храмах Беларусі.
— У касцёлах адменены цалаванне і дакрананне да крыжа, да абразоў, — кажа ксёндз-дэкан Шаркаўшчынскага дэканату Ян Пугачоў. — Усе нашы касцёлы адчынены для вернікаў і для ўсіх людзей, якія моляцца ў імя здароўя насельніцтва на ўсёй зямлі. Мы цалкам разумеем тых, хто ў гэты складаны час па аб’ектыўных прычынах не можа наведаць храм. Галоўнае, жыць з верай у Бога ў сваім сэрцы, а словы малітвы можна і трэба ўзносіць да Усявышняга і дома перад абразамі. Дадзеная хвароба — гэта выпрабаванне для ўсяго чалавецтва, для ўсіх нас. Цяпер вельмі важна для кожнага задумацца пра сябе, пра сваю сям’ю, пра блізкіх і родных людзей, пра сэнс свайго жыцця. Усе разам мы будзем шчыра маліцца ў імя выратавання чалавецтва. Упэўнены, што пройдзе нямнога часу і гэта хвароба адступіць ад нас. Усявышні чуе нас і абавязкова ўсім нам дапаможа.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.