Мерседэс, які ўпаў з мiнскай паркоўкі, быў прыватным

Источник материала:  
12.05.2011 10:19 — Новости Авто

Мерседэс, які ўпаў з мiнскай паркоўкі, быў прыватным


Мерседэс, які ўпаў з мiнскай паркоўкі, быў прыватнымЗа некалькі дзён навіна пра незвычайнае дарожна-транспартнае здарэнне, калі з пятага ўзроўню аўтамабільнай паркоўкі ўпаў цюнінгаваны Мерседэс ML, стала адной з самых "народных" — яе абмяркоўвалі паўсюль, у тым ліку і на інтэрнэт-форумах. Сапраўды, такога ў нас яшчэ не было.

Нагадаем, 5 мая каля 12.30 на сталічнай вуліцы Куйбышава аўтамабіль пратараніў жалезную агароджу на пятым паверсе паркоўкі і ўпаў на казырок гандлёвага цэнтра. Пацярпела толькі кіроўца джыпа: 31-гадовая жанчына была дастаўлена ў бальніцу хуткай дапамогі з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам сківіцы. Казырок гандлёвага цэнтра "Паркінг" падзенне амаль трохтоннага аўтамабіля вытрымаў, і больш ахвяр не было. Сам джып аднаўленню не падлягае.

Тады на месцы здарэння працавалі не толькі выратавальнікі і Дзяржаўтаінспекцыя, але і фотакарэспандэнты, і відэааператары. Яны зазнялі і нумары джыпа, і тое, што знаходзілася ў аўтамабілі. І тут жа з'явіліся чуткі, што машына службовая (рамка для дзяржнумара мела подпіс "Міністэрства ўнутраных спраў", літары "МІ" ў нумары таксама для многіх з'явіліся сведчаннем прыналежнасці машыны не фізічнай, а юрыдычнай асобе). Да таго ж у джыпе быў знойдзены вымпел ГУБЭЗ (Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. — Рэд). У інтэрнэце з'явіліся версіі, што кіроўца машыны або супрацоўніца праваахоўных органаў, або ўзяла джып у сябра, які працуе ў МУС. Мы вырашылі высветліць, што рабіў службовы аўтамабіль у працоўны час у раёне сталічных буцікоў.

Праўда, у ДАІ найперш паведамілі, што аўтамабіль не службовы, а прыватны. Карэспандэнт "Звязды" на свае вочы бачыла інфармацыю аб ім у базе звестак ДАІ — джып сапраўды належыць жанчыне, якая і пацярпела падчас ДТЗ.

— Нумарны знак старой серыі, без лічбы рэгіёна, зараз яны сталі рэдкасцю. Серыя МІ выдавалася прыватным асобам. А ў якую рамку ўстаўляць нумарны знак — асабістая справа кожнага. Зараз на "Ждановічах" можна купіць рамкі з любымі надпісамі. У кагосьці напісана "Я люблю Беларусь", у кагосьці "Я прытрымліваюся правілаў дарожнага руху". Што будзе на рамцы — асабістая справа кожнага. А што датычыць вымпела, то гэта такія цацкі, якімі зараз нікога не здзівіш, — патлумачылі нам у ДАІ.

— Гэта значыць, што я магу купіць на свой аўтамабіль рамку "Міністэрства ўнутраных спраў" і мне за гэта нічога не будзе...

— Ну, калі потым пачнецца разбіральніцтва, вам прыйдзецца даваць тлумачэнні.

Прычыны, па якіх адбылося гэта ДТЗ, пакуль высвятляюцца. Сама кіроўца, якая атрымала чэрапна-мазгавую траўму і знаходзіцца ў сківіца-тварным аддзяленні бальніцы, спасылаецца на тое, што моманту аварыі не памятае. І тлумачыць, што паставіла аўтамабіль у парковачным рэжыме. У аддзеле дазнання нам назвалі адну з магчымых прычын:

— Хутчэй за ўсё кіроўца праявіла няўважлівасць і націснула педаль газа. Калі б машына стаяла ў парковачным рэжыме, яна не магла сама пакаціцца. А для таго, каб скокнуць на прыступку і праламаць агароджу, машына павінна была як след разагнацца.

Інспектар па дазнанні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Шасцерыкоў, які праводзіць праверку па матэрыялах гэтай справы, больш стрыманы ў ацэнках:

— Я не магу пакуль называць папярэднія версіі здарэння. Прызначана аўтатэхнічная экспертыза, якая скончыцца цягам месяца. Пасля яе можна будзе сказаць, ці быў аўтамабіль тэхнічна спраўны.

— А што расказвае жанчына, якая была за рулём?

— Яна знаходзіцца ў бальніцы, але мы атрымалі яе тлумачэнне. Расказвае, што прыехала на паркоўку і спынілася. Далей не памятае. Калі б памятала, наша праца была б аблегчана. Яна моцна перажывае, што здарэнне выклікала столькі шуму і неверагодных чутак...

←Бензин может подорожать 12 мая

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика