З канвеера Hummer сышоў апошні аўтамабіль
З канвеера завода General Motors у амерыканскім Шрыўпорце (штат Луізіяна) сышоў апошні пазадарожнік маркі Hummer. Пасля спынення вытворчасці аўтамабіляў Hummer прадпрыемства працягне выпуск Chevrolet Colorado і GMC Canyon.
У лютым канцэрн General Motors абвясціў аб паступовым згортванні вытворчасці аўтамабіляў Hummer пасля зрыву ўгоды па продажы стратнага брэнду кітайскаму аўтаканцэрну Sichuan Tengzhong. Пагадненне аб продажы Hummer было падпісанае ў кастрычніку 2009 году, угода ацэньвалася ў 150 млн даляраў. Паводле яе ўмоваў, Sichuan Tengzhong набываў брэнд і ліцэнзіі на вытворчасць аўтамабіляў і прымаў абавязальніцтвы па дамовах з дылерамі Hummer, а таксама мог некаторы час карыстацца магутнасцямі амерыканскіх заводаў GM для вытворчасці машын гэтай маркі. Але пагадненне паміж GM і Sichuan Tengzhong не адбылося — яго не ўхваліў кітайскі ўрад.
naviny.by