31 сакавіка адбудзецца адкрыццё выстаўкі Уладзіміра Вішнеўскага «БУДАЎНІЦТВА ЧАЛАВЕКА».
31 сакавіка 2015 г. а 17-ай гадзіне ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (пр.Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё персанальнай выстаўкі Уладзіміра Вішнеўскага «БУДАЎНІЦТВА ЧАЛАВЕКА».Выстаўка прымеркавана да 60-годдзя з дня нараджэння і 40-годдзя творчай дзейнасці аўтара.
«Гэта мае разважанні на тэму дуалізма чалавека – чалавека светлага, духоўнага і зямнога са сваімі страсцямі; свет духоўны і свет матэрыяльны. Гэта апавяданне аб адзінай матэрыі Сусвету з рознымі слаямі «часу»,з якіх узнікаюць разнастайныя міры, асобы, гістарычныя постаці і падзеі, аб святле і сутонні чалавечых душ.
Чалавек на працягу жыцця змяняецца ўнутрана і вонкава (душа-цела) – і гэта, натуральна, і ёсць бясконцае «будаўніцтва чалавека», барацьба белага і чорнага (светлага і цёмнага).
Экспазіцыя выстаўкі будзе ўключаць серыю аркушаў у змешанай тэхніцы, змест якіх – прыгажосць формаўтварэння, перастварэння чалавека, а таксама серыю драўляных і гранітных скульптур. Будзе і вялікі шэраг кніжных ілюстрацый і станковых работ, звязаных з кнігай, малюнкі і работы, прысвечаныя Чарнобылю».
У.Вішнеўскі
Уладзімір Вішнеўскі
Нарадзіўся 17 лютага 1955 у в.Балотчыцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці.
1973-1979 – вучыўся на аддзяленні графікі мастацкага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
З 1987 – выкладчык БДАМ.
1996-2002 – загадчык кафедры графікі БДАМ.
З 1995 – акадэмік графікі ГА «Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва».
У 2003 атрымаў дацэнта па спецыяльнасці «графіка».
З 1997 – удзельнік мастацкіх выставак.
З 1988 – сябра Беларускага саюза мастакоў.
Адзначаны дыпломамі конкурсаў кнігі.
Выстаўка працягнецца па 16 красавіка 2015 г.